Текстовая версия выпуска
Паводле прагнозаў Нацбанка Беларусі, курс валюты на дадатковай сесіі будзе паступова зніжацца.
Пра гэта заявіў першы намеснік старшыні Нацбанка Мікалай Лузгін. Па яго словах курс беларускага рубля будзе ўмацоўвацца і такім чынам мы выйдзем на адзіны курс. Па каментар да гэтай заявы Еўрарадыё звярнулася да эканаміста Сяргея Чалага.
Еўрарадыё: Ці сапраўды зблізяцца камерцыйны курс валюты і курс Нацыянальнага банка? Чаго варта чакаць?
Сяргей Чалы: Гэтае спавешчанне можна інтэрпрэтаваць двума абсалютна рознымі спосабамі. Самае верагоднае, што гэта выказванне надзеі Нацбанка на тое, што сапраўды гэтыя курсы павінны зблізіцца. Калі будуць праведзеныя арганізаваныя таргі, рынак пазбавіцца ад магчымасці махінацыяў і спекулятыўнага складніка. А значыць курс, які павінен скласціся, можа быць ніжэйшым.
Аднак я не падзяляю гэты пункт гледжання. Я б з упэўненасцю казаў, што курс, які быў бы рынкавым, сапраўды быў бы ніжэйшым за той, які ўтвараецца на чорным міжбанку. Але ён не стане ніжэйшым на другой сесіі, проста таму, што ўласна ёсць другая сесія, якая захоўвае 30-адсоткавы канфіскацыйны продаж валютнай выручкі у абавязковым рэжыме па курсе практычна ў два разы ніжэйшым за рынкавы. Таму я баюся, што можа быць вялікае расчараванне.
А другая версія палягае на тым, што гэта можа быць не проста надзея, гэта можа быць абяцанне і нават пагроза. Цалкам верагодна, што міжбанк спецыяльна забіваюць для таго, каб звесці ўсе здзелкі на другой сесіі і там таксама тым ці іншым спосабам курс кантраляваць. І ў выніку паспрабаваць яго знізіць. Вось такія два варыянты.
Еўрарадыё: То бок, кажучы пабытовай мовай, калі камерцыйны курс акажацца занадта высокім, яго пакараюць?
Сяргей Чалы: Мы ўжо не першы раз перажываем спробу выйсці на другую сесію. І ў абодвух выпадках адбываецца сітуацыя, калі ўлада і Нацбанк лічаць, што той курс, які складваецца на рынку, не з’яўляецца рынкавым. Увесь час ідуць спробы праверыць, дзе ж ён можа скласціся.
Чаму ў красавіку не адбылася другая сесія? Менавіта таму, што той курс, які пачаў складвацца на міжбанку, аказаўся вышэйшым за чаканы ўладамі. Улада чакала 3800-4100, а склаўся каля 5000.
Тое ж адбываецца і зараз. Усе заявы пра тое, што той цяперашні курс – непрымальны, азначаюць у першую чаргу, што яго трэба зрабіць прымальным. Увогуле незразумела, навошта закрываць міжбанк. Гэтая заява гаворыць пра тое, што курс напэўна сапраўды будзе складвацца на аснове попыту і прапановы, але Нацыянальны банк будзе кіраваць цяпер не курсам, а на другой сесіі кіраваць памерам попыту і прапановы.